Чарнобыльская зона. Ступаючы па чалавечых жыццях...

Рубрика: 
24.04.2016
1676

Спёка, +35.. Дарога накалілася ад сонца, і ўся прырода разам з ёю... Пасля Хойнікаў людзей усё меней і меней, вёскі знікаюць, набліжаецца так званы «край зямлі», і апаноўвае пачуццё неіснавання людзей і магутнай пустыні... Дарога ў нікуды. Жыццё, людзі, штодзённасць забываюцца, застаюцца ззаду, нібыта адрэзалі. Наперадзе ты – пясчынка, саломінка, што знікне ў магутнасці прыроды, і ніхто і не заўважыць. І ўсё гэта прыкрыецца радыяцыйным фонам...

Першы знак – радыяцыйная небяспека. Мы трапляем у непасрэдную зону забруджання. Наша мэта – Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Гістрычная даведка

Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР № 59-5 ад 24 лютага 1988 года на землях беларускага сектара 30-кіламетровай зоны Чарнобыльскай АЭС быў заснаваны Палескі дзяржаўны экалагічны запаведнік. Яго плошча складала 1313 квадратных метраў. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 122 ад 10 лютага 1989 года ён быў перайменаваны ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік (ПГРЭЗ) і з гэтага часу знаходзіўся ў веданнi Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2006 года № 756 ПГРЭЗ уключаны ў пералік дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. У 1993 годзе ў склад ПГРЭЗ ўключана яшчэ 849 квадратных метраў земляў, і яго плошча склала 2162 квадратныя метры. Ён размешчаны на тэрыторыі Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці, дзе раней знаходзіліся 92 населеныя пункты.

Першы КПП – вёска Бабчын, ці, больш правільна, тое, што было вёскай. Бо яе даўно ўжо няма. Каб трапіць у зону, неабходны пропуск. Атрымаць яго не так проста, але магчыма. З пропускам шлях вядзе далей ці глыбей у заказнік. Навокал – знакі, папярэджанні… Напачатку яшчэ неяк не ўсведамляеш, што схавана пад гэтым усім. Нас пужалі інфармацыяй: як паедзеце, будзе ад радыяцыі балець галава, перасохне ў горле і г.д. Напачатку не зважалі мы на ўсё гэта, пасмейваліся, адчувалі сябе турыстамі. На КПП у нас праверылі пропуск, дазвол на машыну і прапусцілі наперад.

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Далей… а далей – 30-кіламетровая зона адчужэння і яшчэ адзін КПП. Далей – найболей закрытая зона, куды апошнія 30 гадоў пускалі толькі навукоўцаў, супрацоўнікаў запаведніка і хіба што рэдкія дэлегацыі... Калі чытаеш артыкулы пра гэтыя тэрыторыі, усведамляеш ь, што там прырода дзікая, амаль некранутая (ссылка на текст Павла Рогового), жывёліны не баяцца людзей, ходзяць коні Пржавальскага... Мяне дужа цікавіла пытанне, ці праўда гэта…

На КПП наш пропуск яшчэ раз прагледзелі. Дзіўна так выглядае гэты КПП: здаецца, па-за плотам радыяцыя, якое там жыццё? А пры гэтым (пэўна, каб весялей было) домікі, дзе жывуць працаўнікі запаведніка, размаляваныя, рознакаляровыя. Але далей, калі за намі зачыніліся гэтыя вароты, нас чакаў іншы свет...

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Вёска Баршчэўка… Мёртвая… Закінутая... Асцярожна заходжу ў дом, бо там могуць быць дзікі, альбо ваўкі, альбо яшчэ які звер. На ганку – стары чаравік, які самотна чакае гаспадара, як сімвал… Сімвал памерлай вёскі, закінутага жыцця. Унутр хаты нават не ўвайсці, бо ўсё развалена... Дрэвы і кусты захапілі прастору і падпіраюць былыя вокны, дамы, жыцці...

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Адна заходжу ў іншы дом... На ўваходзе вісяць старыя паўабгрызеныя кажухі і вопратка, падлога – праваленая месцамі, па ёй – раскіданыя кніжкі, сшыткі, часопісы, вокны разбітыя, абкоцаныя гардзіны не варушацца, у вокны звонку пранікаюць расліны. Ступаю па падлозе, асцярожна стаўлю ногі паміж часопісамі і адчуваю: я ступаю па чалавечых жыццях!.. У гэтых сшыткахі пісала жанчына, што жыла ў гэтым доме, у яе быў муж, былі дзеці і сваё звыклае жыццё, свой лес побач, любімыя сцежкі з успамінамі, сена ўлетку, снежныя сумёты ўзімку. І ў адзін дзень гэта ўсё знікла, было зруйнавана і знішчана за хвіліны. Колькі гадзін далі на тое, каб выселіцца? Дзве? Тры? Ды хіба гэта мае значэнне... Цяпер тут пустэча, маўклівае паветра і воля прыроды, што паступова зараснікамі і дрэвамі абдымае кожны будынак. Гэта вёска-прывід, дзе за кожным пустым акном памерла чалавечае жыццё, знікла гісторыя, каханне, святло і засталася толькі звонкая цішыня.

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

На станцыі Масаны, самай апошняй перад мяжой з Украінай, вахтавым метадам працуюць навукоўцы. Замяраюць штогадзінна ўзровень радыяцыі, збіраюць метэаралагічныя звесткі. Па 12 дзён удвух працуюць там спецыялісты заказніка. У іх ёсць «малодшы навуковы супрацоўнік» – беленькае кацянятка – праява звыклага жыцця на гэтых некранутых прыродных прасторах. На станцыі ёсць вышка, куды можна ўскараскацца. З яе вышыні бачна Чарнобыль, да яго – 8 кіламетраў. Справа ад яго – горад Прыпяць. Наверсе заміраеш і глядзіш, глядзіш... Прырода буяе, прыгажосць неверагодная! І на даляглядзе – Чарнобыль, сімвал руйнавання чалавекам таго самага, што пад тваімі нагамі прасціраецца ва ўсе бакі пад вышкаю. Відовішча заварожвае...

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Калі пад’ехаць да ракі Прыпяць, можна пабачыць кінутыя караблі і баржы. Там усё некранута заржавелае, маляўніча зарослае травою. У Прыпяці няспешна прымае ванну лось, навокал яго – мора з белых гарлачыкаў. Паўсюль, куды ні глянь, фантастычна прыгожая прырода. Раслінны свет не можа пакінуць раўнадушным, бо такой колькасці і такой разнастайнасці расліннасці не сустрэнеш нідзе ў Беларусі. Тут жывуць усе прадстаўнікі Чырвонай кнігі, а можа, і ўдвая больш. Такой прыгожай некранутай прыроды я ніколі і нідзе на Беларусі не сустракала, хоць і пабывала ў розных мясцінах. Тое, што я ўбачыла тут, пакінула неверагоднае і неапісальнае ўражанне.

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

Фота Наталлі Барысенка-Клепач

І ў кантрасце з гэтым – вёскі-прывіды, дзе ў кожным элеменце – след чалавечага жыцця, якога болей няма, якое апанавана прыродай, захоплена і заціснута ёю. І кожны крок ступаючы, ты схіляеш галаву, бо над табою – гора трагедыі. Прычым такой, з якой раней не сутыкаўся. Перад гэтым нельга не схіліць галаву...

P.S. ад мяне.

Я хацела трапіць у Чарнобыльскую зону. Хацела пабачыць усё на свае вочы, а не праз розныя інфармацыйныя каналы. Цікава ж, ці сапраўды, там усё так страшна? Ці праўда, што там ходзяць коні Пржавальскага, поўзаюць тарантуры і ласі ядуць бэз, не зважаючы ўвагі на чалавека? Напачатку мною рухала больш турыстычная матывацыя – патрапіць у такое месца. А я вось была. Але павінна вам сказаць: гэтае «турыстычнае» пачуццё даволі хутка праходзіць. Так, ты ўсведамляеш, што навокал радыяцыя. Але не страшна – ты ж не бачыш яе, яна ж не бегае навокал і не махае табе ручкамі. Не ведаю, ці па супадзенні, ці проста ад спёкі, але галава балела і ў горле было суха. У Масанах, калі пабачыла спецыяльныя рондалі з вадою, якую можна піць (бо яна прывезена спецыяльна), неяк адчула сур'ёзнасць сітуацыі. Але ўсё роўна не страшна. На кароткі тэрмін у запаведнік можна заходзіць, нічога страшнага з табою не адбудзецца. Тыя, хто працуюць там, маюць спецыяльныя індывідуальныя прыборчыкі, што замяраюць ступень апраменьвання, і кожныя, па-мойму, два ці тры месяцы іх правяраюць. Калі раптам паказчыкі радыяцыі будуць высокімі, прыйдзецца растлумачыць усе свае маршруты і дзеянні. На тэрыторыі запаведніка ёсць музей, які прысвечаны трагедыі. Там ёсць мапа запаведніка і спіс усіх вёсак, што былі выселеныя з 30-кіламетровай зоны... Спіс жахлівы... Варта толькі адзін раз пабыць у такой вёсцы альбо пабачыць пясчаныя ўзгорачкі, пад якімі пахаваныя дамы, каб раз і назаўсёды зразумець, што далейшае развіццё ядзернай энергетыкі – жах, які можа ў адзін момант зруйнаваць усю нашу планету... Варта таксама пабачыць гэтую прыроду, не кранутую 30 гадоў чалавекам… Адзін раз пабачыш такое і ўсвядоміш, што ты – нішто, але гэтае «нішто» дазваляе сабе нішчыць такую прыгажосць. Блюзнерства, недаравальнае блюзнерства, за якое мы яшчэ ўсе паплацімся. Таму кожнаму з нас варта добра-добра задумацца, што мы робім са сваім жыццём, на што выдаткоўваем яго, што дазваляем сабе. Варта задумацца...

Ці варта развіваць “чарнобыльскі” турызм?

Дзеля справядлівасці трэба раскрыць усе карты. У Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік я і яшчэ пяць чалавек ехалі не проста так прагуляцца. Мэта прадугледжвала і практычны напрамак. З намі былі два прафесары з Ізраіля, якія выкладаюць розныя турыстычныя дысцыпліны і кансультуюць рэгіёны і тэрыторыі па ўсім свеце наконт таго, ці мае сэнс там ці тут развіваць турызм, і калі мае, то ў якім накірунку. Таму лагічна, што і візіт у гэты забыты лёсам раён мусіў прынесці пэўную карысць, хаця б у фармаце простых рэкамендацый дасведчаных спецыялістаў.

Турызм мусіць распавядаць аб мясцінах і людзях, што пацярпелі ад аварыі

Абодва ізраільскія спецыялісты – прафесар Йоэль Мансфельд і доктар Хезі Ізраэлі – упэўненыя ў тым, што турызм на гэтых тэрыторыях развіваць трэба, пытанне толькі ў яго правільнай арганізацыі і пазіцыянаванні. Напрыклад, Йоэль Мансфельд акрэсліў сваё бачанне так: Чарнобыльская катастрофа зрабіла рэгіён трагедыі ўнікальным, што можа стаць падставай для стварэння турыстычный дэстынацыі сусветнага ўзроўню. Мясцовае насельніцтва змушана жыць у неспрыяльных эканамічных умовах, а развіццё турызму можа, у тым ліку, стаць для іх крыніцай дадатковага заробку і новых працоўных месцаў.

– Замест таго, каб заплюшчыць вочы і не бачыць праблемы, лепш паспрабаваць атрымаць ад яе свайго роду прыбытак. Развіццё турызму на тэрыторыях, што пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, мусіць абапірацца на два асноўныя моманты. Па-першае, турызм мусіць распавядаць аб мясцінах і людзях, што пацярпелі ад аварыі. Па-другое, турызм мусіць уздымаць пытанне слушнасці развіцця атамнай энергетыкі ў цэлым ва ўсім свеце, – кажа эксперт.

Па меркаванні прафесара Мансфельда, мае сэнс выходзіць на тры сегменты турыстычнага рынку (мова ж ідзе аб «нішавым» турызме, разлічаным на невялікія групы альбо індывідуальных турыстаў). Першы сегмент – студэнты і школьнікі; для іх варта развіваць адукацыйны накірунак. Другі сегмент – экатурысты, бо прырода ў дадзеным регіёне, сапраўды, унікальная, амаль 30 гадоў не кранутая чалавекам. Для такіх турыстаў можна распрацаваць адну– дзве экасцяжыны… Трэці сегмент – гэта так званыя «чорныя», альбо «цёмныя», турысты, якіх вабяць рознага плану катастрофы ды трагедыі.

З пункту гледжання этычнага, развіццё турызму выглядае не зусім прывабным, але стаўленне мясцовага насельніцтва ўсё ж больш станоўчае

Пры распрацоўцы стратэгіі развіцця турызму ў рэгіёне можна абапірацца на два падыходы. Першы – пазітыўна-арыентаваны. Маецца на ўвазе тое, што патрэбна рэкламаваць такія турыстычныя мясціны, як Гомель, напрыклад, а дадаткова прапаноўваць візіт у Чарнобыльскую зону. Другі – негатыўна-арыентаваны, калі за аснову бярэцца менавіта тэма Чарнобыля, а ўсё астатняе – дадаткова. Але ў любым выпадку неабходна распрацаваць адзіную стратэгію для рэгіёну, наладзіць супрацоўніцтва і эфектыўны маркетынг.

Доктар Хезі Ізраэлі адзначыў, што галоўнай мэтай развіцця турызму ў рэгіёне мусіць быць не атрыманне прыбытку, а прыцягненне ўвагі людзей да трагедыі і яе наступстваў. Ён згодны, што турызм мусіць быць адукацыйным, а дадатковым плюсам ужо будзе тое, што ён можа прынесці прыбытак рэгіёну і садзейнічаць эканамічнаму развіццю пэўнай мясцовасці. Апроч таго, істотным момантам з’яўяецца наяўнасць дакладнай актуальнай інфармацыі пра ўзроўні забруджвання тэрыторыі і магчымы ўплыў радыяцыі на турыстаў. Калі людзі ведаюць рэальную сітуацыю, яны ўсведамляюць, якая ёсць рызыка, і вырашаюць, ці згаджацца на яе.

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі мясцовых улад праводзілі апытанне сярод насельніцтва наконт іх стаўлення да развіцця турызму ў зоне Чарнобыля. Безумоўна, з пункту гледжання этычнага, развіццё турызму выглядае не зусім прывабным, але апытанні паказалі, што стаўленне мясцовага насельніцтва ўсё ж больш станоўчае, чым адмоўнае. Таму пэўныя перспектывы ў гэтым накірунку ёсць. Зразумела, што так проста ўсё не робіцца. Такія пытанні на мясцовым узроўні ў нашай краіне не вырашаюцца, таму трэба чакаць стратэгічных змен на нацыянальным узроўні. І галоўнае – неабходна добра прапрацаваная стратэгія развіцця турызму, якая будзе абапірацца на пытанне слушнасці і этычнасці. Толькі так можна пачынаць працу ў гэтым накірунку.

   

Оставить комментарий: