Савічы: гісторыя адной вёскі вачамі апошніх жыхароў

Рубрика: 
25.04.2016
1648

Вёска Савічы знаходзіцца за 22 кіламетра на поўдзень ад Брагіна. Раней галоўная дарога з Брагіна на Камарын праходзіла праз Савічы, але зараз яна знаходзіцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, таму сучасная дарога на Камарын пракладзена ўсходней, а старая з’яўляецца мяжой зоны радыяцыйнай небяспекі, якая аддзяляе Савічы ад суседняй вёскі Двор. Пасля адсялення Савічаў у 1986 годзе Двор атрымаў падвоеную назву – Двор-Савічы. Афіцыйна гэта месца лічыцца мяжой 30-кіламетровай зоны адсялення, але, па падліках мясцовых жыхароў, да Чарнобыля наўпрост 18—20 кіламетраў.

Вёска Двор-Савічы. Фота Эміліі Бурачэўскай

Галоўная вуліца вёскі і дзве бакавыя пакрыты даволі добрым асфальтам, праз які па баках прабіваецца трава, грунтавыя дарогі таксама ў добрым стане. Вуліцы доўгія, забудаваныя з абодвух бакоў. На скрыжаванні ў цэнтры Савічаў стаіць помнік загінуўшым падчас Другой сусветнай вайны мясцовым жыхарам і вызваліцелям. Галоўная вуліца – вуліца Леніна – больш за два кіламетры ў даўжыню, заходні край яе ўваходзіць ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, а ўсходні вядзе на могілкі.

Адселеныя вёскі нагадваюць кадры з фільма Андрэя Таркоўскага “Сталкер”

Пра тое, што адселеныя вёскі нагадваюць кадры з фільма Андрэя Таркоўскага “Сталкер”, напісана многа кім. У пошуках жыхароў вёскі мы пабачылі і закінутыя калодзежы, і зарослыя дрэвамі цагляныя трохпавярховыя будынкі, і цалкам раскіданыя хаты, і дамы без даху і дзвярэй, і хаты, абвітыя дзікім вінаградам так, што будынка ўжо не відаць зусім. Былі і такія, дзе, здавалася, жыццё спынілася раптоўна: прыгожыя кветкі перад домам за адчыненай брамкай, раскіданыя рэчы, вопратка, цацкі, посуд, інструменты ў пуні, нават даволі вялікія вышываныя карціны ў рамах пасярод кветніку. І ўсе гэта на фоне велічы і раскошы прыроды, якая паціху заваёўвае прастору. За хатамі, дзе павінны быць агароды – разнатраўе і дзікія кветкі, толькі яблыні ўгінаюцца ад ураджаю. Уздоўж вуліц – зараснікі бэзу. Падчас пошукаў мы не сустрэлі на вуліцы ніводнага чалавека. Каб не стракатанне цыкад, цішыня ў вёсцы была б поўнай.

Вёска Двор-Савічы. Фота Эміліі Бурачэўскай

Шэсць заселеных хат

Першая жыхарка вёскі, да якой мы патрапілі на вуліцы Леніна, Кацярына, прыкладна гадоў сямідзесяці, даваць інтэрв’ю пад запіс адмовілася, спасылаючыся на тое, што вельмі нервуецца, калі даводзіцца ўзгадваць пра падзеі 1986 года, а ў яе слабае сэрца. Але вельмі ахвотна распавяла пра сваю сустрэчу з ваўком некалькі гадоў таму і пра тое, што пасля гэтай сустрэчы яе паказвалі нават па тэлебачанні.

Падчас пошукаў мы не сустрэлі на вуліцы ніводнага чалавека

Праз дзясятак дамоў мы патрапілі ў хату да Валянціны Напалеонаўны Бярэзняцкай, ад якой і даведаліся аб поўным складзе жыхароў вёскі Савічы, што жывуць тут сёння. Усяго налічылі 13 чалавек і шэсць жылых дамоў. І тое з гэтых трынаццаці дзед яе зусім нядаўна стаў жыхаром Савічаў, таму нічога не мог нам распавесці пра гісторыю вёскі. Валянціна Напалеонаўна нарадзілася ў Савічах у 1941 годзе і пражыла тут увесь час, акрамя чатырох гадоў адсялення.

Выйшла замуж за аднавяскоўца, нарадзіла дзяцей, а ў 28 год засталася ўдавой з трыма дочкамі, адна з якіх зараз жыве ў Маскве, а дзве – у Брагіне. Даведаліся таксама ад яе, што на суседняй вуліцы, насупраць запаведніка, жыве бабуля 1920 года нараджэння. Жыве адна, даглядаюць яе супрацоўнікі запаведніка: “і юшку адкрыюць, і дровы прынясуць”. Яшчэ адна жыхарка, Наталля, таксама слабая і хворая, каб турбаваць яе. Але насупраць Наталлі жыве маладая сям’я – Аляксандр і Ірына, у якіх тры дачкі, дзве школьніцы і зусім маленькая, якой нават году няма. Абодва працуюць у запаведніку, маюць машыну, трактар. Распавядаючы пра гэтую сям’ю, старыя ласкава ўсміхаюцца, лічаць іх працавітымі і больш разумнымі – яны адзіная надзея вёскі на будучыню.

Падчас пошукаў мы не сустрэлі на вуліцы ніводнага чалавека

На жаль, паразмаўляць нам давялося толькі з Ірынай Анатольеўнай Палявой, гаспадара не было дома ў гэты дзень. Ірына нарадзілася ў Малажыне Брагінскага раёна, сюды пераехала жыць дванаццаць гадоў таму да мужа. З гэтай хаты сям’ю яе мужа высялялі ў 1986 годзе, сёстры і зараз жывуць у Брагіне, а Аляксандр з бацькамі застаўся ў Савічах. Адмовіліся ад прапанаванай кватэры. Бацькі дагэтуль не дажылі.

Сустрэліся таксама з сям’ёй Хмяльніцкіх, мужам і жонкай. Фёдар Васільевіч (1935 года нараджэння) і Валянціна Аляксееўна (1936 года нараджэння) нарадзіліся і пражылі ў Савічах усё жыццё, за выключэннем адсялення на год і чатыры месяцы.

“Адзін раз бухнула і гатова”

Мінулае займае значную частку аповедаў нашых герояў. Валянціна Напалеонаўна распавядае, што ў Савічах быў “багацюшчы” Савіцкі элітна-насенняводчы саўгас. Савічы былі вялікай вёскай. Яна ўзгадвае: “Мо, 900 двароў было… не, мо, 900 – то, мабыць, людзей, а двароў… ну крэпка багата. Школа была, магазін хозмаг быў, і прадуктовы магазін, і сталовая была калгасная, і абед варылі тым, што на полі работалі, і садзік быў, і яслі – на адзін бок адны, на другі бок другі. Кантора, тут, счытай, усе цэнтры, КБО было, прамтавары былі…Не ўезжалі, усе маладыя, усе заставаліся, шафера, трактарысты, новыя машыны, новыя камбайны нам сюда давалі…”

Каб не стракатанне цыкад, цішыня ў вёсцы была б поўнай

Валянціна Аляксееўна Хмяльніцкая вельмі многа і эмацыянальна распавядала пра мінулае вёскі са слоў сваёй маці ды бабулі, асабліва пра ваенны час. Прыгадала, што высяленне Савічаў было не толькі пасля Чарнобыля, але і падчас вайны – людзей гналі, як жывую заслону, перад сабой немцы да Ільчоў і Нудзіч, калі наступалі…

Мясцовыя жыхары ўзгадваюць, што ўсе яны шмат правацалі ад самага дзяцінства. Валянціна Напалеонаўна Бярэзняцкая працавала і ў краме, і на складзе будаўнічых матэрыялаў, і ў сталовай. Хмяльніцкія даглядалі на ферме цялят, гаспадыня кажа: “работала ўсю жызнь, я не пакладала рук ні дома, нідзе. І на рабоце рабіла па праўдзе, я зра не рабіла як папала, і дома рабіла ўсю жысць. Сорак гадоў праішачыла без выхадных і без адпускоў”. Валянціна Аляксееўна кажа, што падмены не было, бо ніхто не хацеў на ферме “ў гразі барахтацца”. А яны з мужам “барахталіся”, бо патрэбна было сыноў расціць.

Жыхарка адселеных тэрыторый. Фота з архіва аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

26 красавіка 1986 года Хмяльніцкія таксама працавалі: жонка пасвіла кароў, а муж араў агарод. Кажуць, што чулі выбух і бачылі зарава: “Зарава было якое-та, а хто панімаў, якое гэта зарава?” Кажуць: “Адзін раз бухнула і гатова”. Узгадваюць, што паветра адразу стала такое паганае, што ў роце сохла. “А так узналі, што сена прывязуць, душышся пылотай якой-та, нельзя было дыхать, дык ён [брыгадзір] здзелаў парылку нам, воду, дак мыліся, хадзілі кожны раз пасля работы, як дадому ідзем”. Праз хату Хмяльніцкіх і далей ідзе дарога да Новых і Старых Сцепаноў пяць кіламетраў. Фёдар Васільевіч кажа, што адтуль ўсіх на другую ноч пасля выбуху вывезлі, зараз там няма ніводнага чалавека. Бярэзняцкая пра аварыю даведалася, калі праз вёску везлі людзей, якіх адсялялі са Сцепаноў, Краснага, Людвінова. “Так вязуць людзей на машынах, галосяць людзі, а па асфальту скот гоняць, ужас быў,” – успамінае жанчына.

Аблівалі хаты вадой з мыльным парашком, смецце вывозілі і закопвалі пад лесам.

Але казалі, што ў хаце радыяцыі няма

Савічы адсялілі толькі ўвосень 1986 года. “А цэлае лета дык яшчэ так, людзі хто пасеяў картошку, хто не сеяў – усе ждалі: то будуць уганяць, то аставяць, і сказалі, што нада было астаўляць Савічы”, – узгадвае Бярэзняцкая. Летам у спякоту людзям дазволілі працаваць толькі першую палову дня.

“Хто адмаўляўся – высялялі сілай”

Фёдар Васільевіч Хмяльніцкі ўзгадвае, што летам над вёскай лятаў верталёт, нечым падобным на смалу абліваў дарогі. Прыязджалі правяраць радыяцыю, аблівалі хаты вадой з мыльным парашком, смецце вывозілі і закопвалі пад лесам. Але казалі, што ў хаце радыяцыі няма.

Працавалі ліквідатарамі хлопцы з Урала пасля арміі. Валянціна Аляксееўна распавядае, што ў Савічах салдаты жылі ў будынку школы, ляталі ў бок рэактара на самалёце, які ў іх агародзе ў бульбу прызямляўся. Але сена прывозілі таксама з таго боку і кармілі ім цялят, і кароў прымалі адтуль ў саўгас. Салдаты казалі, што маці пісалі ім у лістах пра плёткі, якія ходзяць па Урале, што тут “людзей бульдозерам стасківаюць у ямы ды закапываюць… Яны адказвалі, штоб нікому не верылі – яны у людзей жывуць, яблыкі іхнія ядуць, і людзі жывуць. Усе брахня, няпраўда”. І як пацвярджэнне, адпраўлялі па дзесяць пасылак у дзень прыгожых яблык родным на Урал, дадому...

Многія пакідалі рэчы ў Савічах,
маючы надзею вярнуцца

Галоўным фактарам, які выклікаў трывогу ў жыхароў, была сітуацыя няпэўнасці, якую стварала супярэчлівасць інфармацыі наконт сапраўдных памераў забруджвання і факту адсялення. Не было дакладнай інфармацыі і, як вынік, магчымасці на яе падставе прымаць вырашэнні, як ставіцца да здарэння, як планаваць далей перспектыву жыццёвага шляху пасля катастрофы, ці, наогул, успрымаць яе як катастрофу? Не маючы дакладных знешніх фактараў, ступень рызыкі ацэньвалася толькі асобаснымі вымярэннямі, таму і стратэгіі паводзінаў людзей у гэтай сітуацыі няпэўнасці былі вельмі рознымі. Усе аднадушна кажуць, што пра радыяцыю тады ім нічога не расказвалі, і самі яны не дазнаваліся. Бярэзняцкая ўзгадвае: “Мы адправілі сваіх [унукаў] у Маскву, к маёй дачке…Канешне, баяліся, думалі, яшчэ што шухне тамака, на той станцыі… баяліся, штоб болей там, усе ж перадавалі па радыё, што шчэ адзін нарушаны быў”.

Так ліквідавалі вясковыя хаты на забруджаных тэрыторыях. Фота з архіва аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Фота з архіва аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

У верасні жыхарам нарэшце прапанавалі абраць месца, куды пераехаць. Валянціна Напалеонаўна ад прапанаванай кватэры адмовілася, паехала да радні ў Полацк. З сабой мала што брала, нягледзячы на тое, што давалі грузавыя машыны для перавозкі і дазвалялі браць любыя рэчы, у адрозненне ад тых, каго адсялялі адразу пасля аварыі. Узгадвае, што многія пакідалі рэчы ў Савічах, маючы надзею вярнуцца. Былі такія, хто ўвогуле адмаўляўся з’язджаць, дык іх высялялі сілай, з міліцыяй. Жывёлу здавалі за грошы ў саўгас, ці перапрацоўвалі і везлі з сабой мяса, сабраныя бульбу і зярно таксама прымалі ў саўгасе.

Як катастрофу большасць жыхароў вёскі ўспрынялі не саму аварыю, а менавіта адсяленне з Савічаў, страту звыклага наваколля, звыклых умоў жыцця і звязаны з ад’ездам сацыяльны разрыў са сваёй супольнасцю.

Дома лепш, хоць і з радыяцыяй

У параўнанні са сваёй “малой Радзімай”, на новым месцы ўсё было горшым. Бярэзняцкая ўзгадвае: “А там і лес не такі, і поле не такое, камні да тыя камні, і адкуля яны бяруцца? Каждый год падбіраюць, падбіраюць, а яны зноў растуць, дак я не магла там прывыкнуць ніяк. І грыбы не такія, як у нас”. Сумавала па роднай вёсцы, кажа, што дадому цягнула вельмі, “каб на сваім кладбішчы пахаранілі”.

Хмяльніцкія і па пераездзе працягвалі працаваць на ферме з жывёлай, адносіліся з адказнасцю да сваёй працы, перажывалі, але стаўленне да жывёлы і мясцовыя метады працы на ферме вельмі адрозніваліся ад іх уяўлення аб тым, як гэта павінна быць: “Я як настрахалася, дык мяне прыступы як ўхвацілі, дак мяне трэсла, біла. Я іду, на мяне ўсе аглядаюцца, думаюць, із Чарнобыля, так гэта Чарнобыль так калоціць мяне. Да не, работа тая калаціла, я ўсе нервы церала там на ёй”.

Як катастрофу большасць жыхароў вёскі ўспрынялі не саму аварыю, а менавіта адсяленне з Савічаў

Яшчэ адзін фактар, які потым паўплываў на вырашэнне многіх вярнуцца, – гэта якасць дамоў, у якія засялялі людзей. Распавядаюць, што дамы былі новыя, але такія халодныя, што вада замярзала ў хаце, нават пастаўленыя печы не дапамагалі. Параўноўваюць іх з цёплымі хатамі ў Савічах, якія людзі будавалі для сябе, і вельмі перажывалі, пакідаючы іх.

Вяртацца жыхары ў вёску пачалі даволі хутка, як толькі “салдаты паўбіраліся адсюля”. Распавядаюць, што вярталася многа людзей. Хмяльніцкі, як высяліўся, кожны тыдзень ездзіў у Савічы, глядзеў, ці можна вярнуцца. “У газеце напісалі, што дзярэўня Савічы засяляецца... 160 чалавек з лішнім пераехалі”. Узгадвае, як жонка прасіла хутчэй вярнуцца дадому.

Адразу ў вёску вярнуліся больш за 200 чалавек. Тых, хто жадаў вярнуцца, было значна больш, але паўплывала адсутнасць працоўных месцаў у Савічах. Моладзь амаль не ехала, у асноўным – старыя. Ды і тых з цягам часу дзеці пачалі перавозіць да сябе ў горад.

Адсяленне без патрэбы і без грошай?

Мясцовыя жыхары лічаць, што Савічы не патрэбна было адсяляць. Да гэтай думкі іх прывяла супярэчлівая інфармацыя пра забруджванне і тое, што, як вярнуліся, іх не ганялі з лесу, толькі апошнія гады два ці тры пачалі забараняць хадзіць у лес.

“Там напісана радыяцыя вроде бы вялікая, а праўда яна ці… а правяралі і грыбы, так у грыбах, кажа, багата радыяцыі”. Нас вроде бы з Мінска прыязджалі, правяралі, кажуць, хто вас адсюля высяліў? Па агародах хадзілі, сказалі, што чыста”, – узгадвае Бярэзняцкая.

Яшчэ адзін фактар, які потым паўплываў на вырашэнне многіх вярнуцца, – гэта якасць дамоў, у якія засялялі людзей

Хмяльніцкі кажа, што ліквідатары, якія мылі хаты, не баяліся, елі мясцовую агародніну: “Памылі, паелі, маўляў, можна тутака жыць. Той жа начальнік у хату заходзіў, радыяцыю правяраў: у нас няма ў хаце”. Як доказ, што мясцовасць чыстая, распавядаюць, што ўвесь гэты час навокал вёскі апрацоўваліся палі, сеялі і збіралі ўраджай.

Распавядаюць таксама, што пад час пераезду на новае месца шмат людзей не скарысталася выдадзенай кампенсацыяй, грошы прапалі. Бярэзняцкая кажа: “…Рэформа ці чорт-це што яно было, так ўжо і бутылку гарэлкі не стоіла. Прапалі да багата ў каго”. Ёсць таксама меркаванне, што да некаторых жыхароў грошы не дайшлі ўвогуле.

Фота з архіва аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

“Канторскія што былі, так яны самі ўсе паадбіралі тыя грошы… Распрэдзелялі, хто ўжо адсюля ўязджаў, дак усім, а што яны мяне знаюць, куды я паехала? Не знаюць, я нікому не казала, у машыну сказала, куда паеду, ды і ўсе,” – успамінаюць тыя, да каго не дайшлі дзяржаўныя выдаткаванні.  

Успамінаюць ліхім словам толькі марадзёраў, якія праз некаторы час пасля адсялення разбіралі пакінутыя хаты і здавалі жалеза ў пункты прыёму ў суседнюю вёску, прадавалі матэрыялы, з якіх потым будавалі ў Брагіне. Адразу пасля адсялення Слабады, Нежыхава, Пучына, з якіх нельга было жыхарам забіраць рэчы, таксама шмат чаго вывозілі. Бярэзняцкая прыгадвае, што “панацягвалі з зоны – ніхто не баяўся радыяцыі… Пакідалі магазіны тамака, тут усё павывозілі, а там у магазінах і мацерыялы, і сахар, і мука, і крупа, і ўсё на свеце, што нада было. Дак каторым даступна, прапуска былі і хто работаў у зоне, так панацягвалі ўсяго”.

“Ясі і нармальна. Не ташніць”

Стаўленне да радыяцыі тут аднолькавае: людзі хоць і ведаюць, што яна ёсць, але сумняваюцца, што яна можа шкодзіць іх здароўю. Нават ходзіць мясцовы жарт, што радыяцыя – гэта калі на стале нічога няма, а “як прынёс, ды ё на стале, дык няма ніякай радыяцыі… А вот як няма, пусты стол – тады радыяцыя”.

Не маючы дакладных дадзеных аб памеры забруджвання і магчымых наступствах, збіралі па-ранейшаму ягады, грыбы ў лесе і самі, і з дзецьмі. “Ніхто не баяўся... Грыбы елі, і варылі, і жарылі і елі… [Зналі, што могуць быць з радыяцыяй, а ўсё адно елі] Не баяліся. Нічога не баяліся… А яно не врэдзіла – еслі б оно врэдзіла, дак не елі бы... А то ж яно не врэдзіла, наверное, нам, што мы елі яго…А ўсё раўно, елі, дак еслі б яно врэдзіла – так ці рвала б, ці што, ці ташніла, а то ж ясі і нармальна. Нічога ж не было...нармальна ўсё было. Дажэ ў мяне з Калінінграда нявестка з сынам прыязджае кожны раз, грыбоў наносім, насушым, яны забіраюць усе грыбы ў Калінінград ад нас... Яна правярала там, кажа, што чыстыя,” – успамінае Хмяльніцкая.

Калі ўлады пачалі штрафаваць за збор грыбоў ў лесе, усё роўна хадзілі збіраць. Бярэзняцкая ўзгадвае тыя паходы ў лес: “…Яны едуць па лесу, міліцыя… дык пападаем тады і ляжым. А хочацца ж і грыба, і зялёнку, і лісічку, і ўсё хочацца”. Міліцыі баяліся, а есці не баяліся – хацелася свайго. У адным месцы лес больш забруджаны, там пільна сочаць за грыбнікамі і мясцовыя туды ўжо амаль не ходзяць, “а як не штрафавалі, хадзілі б”. Мясцовыя ведаюць сцяжынкі, каб не патрапіць на міліцыю і не атрымаць штраф.

Пра паходы ў грыбы распавядаюць усміхаючыся, з гонарам за багатыя мясцовыя лясы: “Я пайду, кашэль… набяру, чуць прыцягну. Але ж бачу – усіх жа не пабраў! Тады гэтыя выгружаю і зноў пайшоў з сабакам, і зноў прыношу кашэль… Рыжкі, сыраежкі – гэта самае аб’ядзенне”.

Жыхаркі адселеных тэрыторый. Фота з архіва аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Распавядаюць, што ўвогуле не задумваліся пра магчымую небяспеку, калі вярталіся ў Савічы. “Я так, дапусцім, і не падумала, што гэта будзе радыяцыя, что гэта важка – нічога не баяліся, павярналіся, да і ўсё, – кажа Бярэзняцкая. – Ніхто нічаго – не пыталіся мы ў іх, ці можна есці, ці не можна… Сеялі, карова была. І даілі, і авечкі ў мяне былі, і гусі, усех мяса елі падрад. І во сколькі я ўжэ – мне 74 годы ўжэ. І малыя елі, і масла білі, і сыр пекла…і не правяралі”. Хмяльніцкая дадае: “А нічога не памянялась. Еслі вот на месцы я прымерна жыву, я змены ніякай не чувствую, старасць ужэ толькі…А так, штобы это мешала, дак яно не мешала”.

Больш адказна да радыяцыі ставіцца сям’я Александра і Ірыны, якія не збіраюць грыбы і ягады ў лесе, а сваю агародніну і мяса хатняй жывёлы рэгулярна правяраюць. Уплывае адказнасць за дзяцей і тое, што, як супрацоўнікі запаведніка, яны маюць больш інфармацыі пра шкоду радыяцыі. Ірына таксама ўяўляе магчымыя наступствы – яе брат Аляксандр Палявы прымаў непасрэдны ўдзел у ліквідацыі пажару на рэактары адразу пасля аварыі і памёр праз дзесяць год ад хваробы, выкліканай атрыманай дозай апраменьвання.

“Можна жыць, дарма людзей вакол мала”

На сёння ў Савічах, па меркаванні нашых герояў, можна добра жыць, дарма, што вакол людзей няма. У Савічы прывозяць пенсію, газавыя балоны, прыязджае аўталаўка, у Двары працуе крама. Калі патрэбна, можна выклікаць хуткую дапамогу. Школьны аўтобус возіць дзяўчынак вучыцца за 20 кіламетраў у Хракавіцкую школу. Узімку расчышчаюць дарогу да скрыжавання ў Савічах, далей Аляксандр чысціць сваім трактарам. Старэйшых рэспандэнтаў хвалююць праблемы са здароўем, што не дзіва ў такім узросце, але больш за ўсё хвалюе пустая вёска, адсутнасць суседзяў побач.

Вуліцу, на якой жывуць Хмяльніцкія, вясной у 2015 годзе пахавалі – закапалі хаты разам з дрэвамі. Зараз хата Хмяльніцкіх з вялікім дубам насупраць стаяць наводдаль ад вёскі, пасярод поля, якое было зусім нядаўна доўгай вуліцай. Увосень павінны былі зносіць пакінутыя хаты далей, і застанецца ад вялікай вёскі некалькі раскіданых на кіламетр адна ад другой хат-астравоў, у якіх дажываюць свой век старыя і адзіная на ўсю вёску маладая сям’я. Адкрытым застаецца пытанне: колькі вытрымаюць Аляксандр і Ірына на гэтым востраве, якім запомніцца дзяцінства іх дочкам, як паўплываюць на іх жыццё адсутнасць у вёсцы дзяцей, з якімі можна сябраваць? Страшныя нават дарослым цёмныя, выбітыя вокны разбураных, зарослых дамоў і мёртвая цішыня бязлюдных доўгіх вуліц. Якім будзе іх далейшае жыццё, якое распачалося ў такой рэальнасці?

   

Оставить комментарий: