“Сусветныя хібакуша”: радыяцыя робіць людзей нябачнымі

Рубрика: 
25.04.2016
1367

Японскі навукоўца Сеічыро Такеміне раскрывае новы падыход у разуменні людзей, якія пакутуюць, і рэалій ядзерных катастроф праз вывучэнне існуючых умоў ядзернай шкоды на Маршалавых выспах, дзе ЗША правялі 67 ядзерных выпрабаванняў.

Ён падкрэслівае, што з’яўляецца перспектыва “сусветных хібакуша”. “Хібакуша” – японскі тэрмін, якім называюць людзей, жыццё якіх стала небяспечным у выніку уздзеяння радыяцыі, напрыклад, у выніку бамбардзіраванняў Хірасімы і Нагасакі. Выкарыстанне тэрміну “хібакуша” ў ядзерных пытаннях паказвае існаванне ахвяр, пра якія часта забываюць.

Пасля эвакуацыі з Факусімы дзяўчынку правяраюць на радыяцыю.
Фота Крыстафера Бангерта (Christoph Bangert). Крыніца: globalresearch.ca

Другі вядомы даследчык канцэпта “сусветных хібакуша” Роберт Якабс піша: “Пасля ядзернай катастрофы мы лічым ахвярамі тых, хто памёр. Аднак гэта толькі невялікая частка людзей, якія  насамрэч сталі ахвярамі канкрэтнай падзеі. Вельмі шмат хто ў выніку пакутвае ад разбурэння супольнасцей, страты сям’і і добрабыту. Поўны маштаб разбурэння непасцігальны…”

Таму для ацэнкі і пераасэнсоўвання ядзерных катастроф, такіх, як Чарнобыльская аварыя і Фукусіма, трэба падыходзіць па-новаму.

“Радыяцыя робіць людзей нябачнымі,  разважае Роберт Якабс.  Мы ведаем, што апраменьванне можа быць небяспечным для здароўя, прывесці да хваробы ці нават смерці. Але не толькі гэта. Людзі, на якіх паўплывала радыяцыя, ці нават тыя, хто толькі здагадваецца пра гэта, ці тыя, хто ніколі не пакутваў ад “радыяцыйных” хвароб, могуць зразумець, што іх жыццё змянілася назаўжды – яны сталі людзьмі другога гатунку”.

– Такія людзі могуць у пэўны час зразумець, што камунікацыі з сям’ёй і сваякамі, сувязі з мясцовымі супольнасцямі разбураныя, родныя дамы, гарады і вёскі і нават звыклы рацыён – усё страчана. Людзі на новым месцы павінны стартаваць з нуля, нават калі яны старыя. Згубілі супольнасць – часта губляюцца сродкі для існавання, асабліва калі ты быў фермерам, рыбаком ці пастухом, і занятак перадаваўся па спадчыне, – разважае Роберт Якабс.

На новых месцах людзі часцей падпадаюць пад дыскрымінацыю і здзекі, асабліва дзеці

Вельмі часта людзі з-за радыяцыйнага забруджвання мяняюць не толькі дом, але і вымушаны прыстасоўваюцца да іншага рацыёну, што таксама ўплывае на іх здароўе.

Часта людзі вымушаны залежаць ад дзяржаўнай падтрымкі, гэта падрывае іх пачуццё ўласнай годнасці і раўнавагі. Вядома, на новых месцах людзі часцей падпадаюць пад дыскрымінацыю і здзекі, асабліва дзеці. Людзі ператвараюцца ў сацыяльных ізгоеў.

Сеічыро Такеміне аб’ядноўвае вопыт ахвяр розных ядзерных катастроф з сусветнай перспектывай. Словазлучэнне “сусветныя хібакуша” прыцягвае ўвагу да нябачных і невядомых ахвяр, якія перажылі шкоднае ўздзеянне радыяцыі, выкліканае рознымі фазамі ядзернага развіцця – ад здабычы ўрану да ядзерных адкідаў.

Аднак, паколькі радыёактыўнасць нябачная, надзвычай цяжка пабачыць рэальнасць ядзернай шкоды. Да таго ж, часта нябачная шкода наносіцца ў палітычным і сацыяльным кантэксце.

 Ціхаакіянскія выспы паказваюць нам, што ядзерныя катастрофы нельга вымяраць толькі праз захворванне на рак і праблемы са шчытападобнай залозай,  кажа Сеічыро Такеміне.  Наступствы катастрофы таксама праяўляюцца ў культурных і псіхалагічных аспектах, як і ў пазбаўленні магчымасці задавальняць нават базавыя патрэбы. На Маршалавых выспах, напрыклад, ядзерная шкода існуе па-за межамі тэрыторыі, якую ЗША прызнаюць пашкоджанай.

Каб можна было лепей разгледзець нябачаную раней і шырока распаўсюджаную шкоду, якую выклікае ядзернае развіццё, навукоўца прапануе разгледзець макра- і мікраперспектывы. Макраперспектыва крытычна пераглядае ўжо прызнаныя наступствы і шкоды, нанесеныя злачынцамі, прымаючы пад увагу структуры дыскрымінацыі, што хаваюцца за ядзерным развіццём. У мікраперспектыве разглядаецца натуральная гаспадарка, якая з’яўляецца асновай закаранёнага ў зямлі выжывання. Каб паглядзець з гэтай перспектывы, трэба ўважліва ўслухацца ў сведчанні пацярпелых і стаць бліжэй да закранутай катастрофай зямлі і яе людзей.

Метад “сусветных хібакуша” можа быць выкарыстаны для ацэнкі ядзерных катастроф, як “зблізу”, так і “на адлегласці”. Канцэпт “сусветных хібакуша” з’яўляецца сістэмай візуалізацыі ядзерных катастроф. Яго варта скарыстаць для пераацэнкі ўплыву Чарнобыльскай катастрофы на грамадства.

 

Матэрыял падрыхтаваны на аснове выступу японскага даследчыка Сеічыро Такеміне. Выступ быў падрыхтаваны для канферэнцыі “Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 год пасля катастрофы”, якая прайшла ў Мінску ў красавіку 2016 года. Пры падрыхтоўцы артыкула была таксама скарыстана публікацыя Роберта Якабса “The Radiation That Makes People Invisible: A Global Hibakusha Perspective”.

   

Оставить комментарий: