Ліквідатары: успаміны праз 30 гадоў

Рубрика: 
08.06.2016
1377

Самыя блізкія сведкі Чарнобыльскай катастрофы і адначасова людзі, якія найбольш пацярпелі ад яе наступстваў гэта ліквідатары. Тыя, хто тушылі пажар, абаранялі станцыю, вывозілі людзей з зоны адсялення і лячылі ўсіх, хто заставаўся.

Для праекта «30 гадоў – 30 гісторый» мы падабралі пяць відэа, у якіх ліквідатары распавядаюць пра працу ў Чарнобыльскай зоне пасля аварыі, пра быт і штодзённае жыццё падчас гэтай працы, пра тое, як ставіліся людзі да эвакуацыі і як самі ліквідатары зараз ацэньваюць тыя падзеі. Гэтыя відэа – фрагменты інтэрв’ю, зробленыя ўдзельнікамі праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі», на працягу 2015 года.

 

Віталь Аляксеевіч Падкапаеў

Працаваў выкладчыкам Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту, калі адбыўся выбух. Паехаў добраахвотнікам у вёску Сабалі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці, што ў 30-кіламетровай зоне. Зараз жыве ў Гомелі.

Аляксандр Васільевіч Валчалін

На момант аварыі на ЧАЭС працаваў фельчарам хуткай дапамогі і ў гэтай якасці быў прызваны на службу ў Чарнобыльскую зону. Зараз жыве ў Жодзіна, таксама працуе ў складзе брыгады хуткай дапамогі.

Іосіф Іосіфавіч Белапка

Ваенны, у 1986-м годзе чатыры месяцы быў у Чарнобыльскай зоне. Зараз жыве ў Мінску.

Зоя Іванаўна Кавальчук

Нарадзілася ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці, працавала фельчаркай у Нароўлі з 1981 па 1992 гады. Пасля аварыі ў складзе брыгады хуткай дапамогі дапамагала вывозіць з зоны адсялення нямоглых і старых. Зараз жыве ў Мінску, працуе медсястрой.

Леанід Аляксандравіч Казлоў

Удзельнічаў у будаўніцтве ЧАЭС і ліквідацыі наступстваў аварыі. Працаваў трактарыстам у Чарнобылі і Прыпяці. Зараз жыве ў Камарыне Брагінскага раёна Гомельскай вобласці.

Беларускі архіў вуснай гісторыі – гэта праект маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Гісторыка», які ўяўляе сабой анлайн-сховішча электронных дакументаў па вуснай гісторыі Беларусі 20-га стагоддзя. Мэта архіва – захаваць інфармацыю і спрыяць яе выкарыстанню ў даследчых і адукацыйных мэтах. У матэрыялах архіва гісторыя Беларусі 20-га стагоддзя фіксуецца ва ўспамінах сведкаў часу, што дапамагае захаваць памяць пра найноўшы перыяд гісторыі, у тым ліку па маладаследаваных і актуальных тэмах.

– Распрацоўка чарнобыльскай тэмы была распачата два гады таму ў сувязі з набліжэннем угодкаў аварыі, – расказаў удзельнік праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі» Уладзімір Валодзін. – Чарнобыльскі праект у межах дзейнасці архіва складаецца з трох этапаў: конкурсу студэнцкіх эсэ па вуснай гісторыі, запісу інтэрв’ю са сведкамі падзей і тэматычнай канферэнцыі, якая прайшла 15–16 красавіка 2016 года. За час працы мы запісалі каля 40 інтэрв’ю, прычым паразмаўлялі не толькі з ліквідатарамі, але і з прадстаўнікамі іншых сацыяльных груп: вымушанымі перасяленцамі; людзьмі, якія праз некаторы час вярнуліся ў родныя вёскі на адселеных тэрыторыях; тымі, хто зараз жыве на забруджаных землях; людзьмі, якія пасля аварыі самастойна выехалі на чыстыя тэрыторыі.

Інфармацыю збіралі не толькі ў Мінску, але і ў паездках па гарадах і вёсках у розных рэгіёнах: у Брагінскім раёне, Мазыры, Гомелі ды іншых населеных пунктах. Экспедыцыйны перыяд праекта складаў некалькі месяцаў 2015 года, потым прыйшла чарга апрацоўкі матэрыялаў для архіва. Зараз кожнае відэа- ці аўдыяінтэрв’ю мае апісанне, змест размовы, кароткія біяграфічныя звесткі пра суразмоўцу і часам фотаматэрыялы.

Як адзначае Уладзімір Валодзін, праца яшчэ не скончана, наперадзе – стварэнне транскрыптаў, сегментацыі, індэксацыі.

Усе відэа па чарнобыльскай, а таксама па іншых тэмах гісторыі Беларусі 20-га стагоддзя вы можаце паглядзець на сайце Беларускага архіва вуснай гісторыі. Для таго, каб праглядаць інтэрв’ю, трэба зарэгістравацца на сайце.

Больш гісторый ліквідатараў чытайце на Зялёным партале.

 

Дзякуем праекту «Беларускі архіў вуснай гісторыі» за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы гісторыі і магчымасць карыстацца архіўнымі матэрыяламі. Відэа было адмыслова зманціравана пад мэты праекта «30 гадоў – 30 гісторый».

Оставить комментарий: