Лепшыя з рэчаў: «Ці лёгка адмовіцца ад аднаразовых кубачкаў. Так!»

Рубрика: 
08.08.2017
755

Днямі распачалася кампанія за выкарыстанне шматразовых кубачкаў. Відавочна, што ёсць тыя, хто ўпершыню задумаўся пра выкарыстанне свайго посуду па-за межамі дома, але ёсць і тыя, хто робіць так даўно. Адна з удзельніц каманды «My cup, please», выпускніца моладзевага адукацыйнага праекта «Экастарт» Люся Нікіценка падзялілася сваім вопытам карыстання тэрмакубкам.

Фото Татьяны Кузнецовой

Карыстаюся гэтым кубачкам ужо некалькі гадоў: яшчэ з часоў універа брала яго з сабой да таго моманту, пакуль ва ўніверы з’явілася кавярня. Гэта было 3—4 гады таму. Потым на некаторы час забылася пра кубачак. Калі распачаліся заняткі ў «Экастарце», я больш дасканала стала сачыць за сваімі звычкамі ды ацэньваць, як яны ўплываюць на наваколле. Дазналася, што ўсё аднаразовае шкодзіць асяроддзю, бо ператвараецца ў смецце вельмі хутка. Вырашыла: трэба нешта рабіць. Тады я абзавялася торбай з тканіны, а потым узгадала пра свой любы кубачак. Зараз калі ведаю, што прыйдзецца ім скарыстацца па-за домам, бяру з сабой.

Фото Татьяны Кузнецовой

Аднаразовыя шкляначкі (думаеце, выпадкова аднакаранёвае слова «шкло»?), не гледзячы на тое, з чаго яны зробленыя (папера або пластык), не магчыма перапрацаваць. Пластык, асабліва забруджаны, зразумела, і так не заўсёды перапрацоўваецца. Па сутнасці, тое самае з паперай – папяровыя шклянкі ўнутры пакрытыя плёнкай. Значыць, і тыя, і другія аднаразовыя кубачкі і шклянкі пойдуць на звалку. Чула, што на выраб толькі аднаразовага посуду ва ўсім свеце страчваецца каля чатырох адсоткаў запасаў нафты. Гэта можна суаднесці са шкодай ад авіяпералётаў усіх людзей штогод.

Фото Татьяны Кузнецовой

Я люблю піць каву. Мы з сябрамі нават арганізавалі Клуб аматараў кавы. Збіраемся ў розных кавярнях, смакуем напоі. Вядома, што некаторыя кавярні не маюць магчымасьці выкарыстоўваць шматразовыя кубкі. Менавіта там пачалі трансляраваць «шматразовую» ідэю: адмаўляемся ад аднаразовага посуду і карыстаемся сваім.

Раней я даволі часта ездзіла ў цягніках, дзе часам падаюць гарабату у палісціролавых кубачках. І там я пачала прасіць наліць ў мой посуд, і мне налівалі без аніякіх пытанняў. Потым тое самае пачала рабіць і ў кавярнях, калі хацелася кавы на вынас.

Фото Татьяны Кузнецовой

Дызайн майго кубачка мне падабаецца. Праблем з месцам у сумачцы няма, бо я спецыяльна падабрала такую, каб у ёй усё ўмяшчалася. Месца для кожнай рэчы дакладна вызначана. Я з сабой і шкляную бутэльку нашу.

Калі выбіраеш кубачак для сябе, трэба вырашыць, што ты хочаш – прыгажосць або нешта практычнае. Лепш ведаць пажаданы аб’ём свайго кубачка загадзя. Памер залежыць ад таго, колькі вы п’яцё. Кубак можа быць з якаснага пластыку, металу, керамікі, сілікону. Можна набыць тэрмакубак, яго ўнутраная колба абавязкова павінна быць металічнай. Зараз у крамах можна сустрэць танныя пластыкавыя тэрмакубачкі, але звычайна нізкая цана тлумачыцца нізкай якасцю матэрыялаў. Такія кубкі часта маюць дрэнны пах, могуць быць зроблены з пластыка, не прыдатнага для напояў, асабліва гарачых. Такімі карыстацца можа быць бяспечна.

У дарозе зручна карыстацца складаным кубкам – з сілікону або металу. У крамах сустракаюцца шкляныя кубачкі з металічнымі накрыўкамі беларускага вырабу. Гэта экалагічна дружалюбны варыянт, аднак для некаторых можа быць не зручным, трэба ж насіць з сабой.

У Менску з’яўляюцца кавярні, якія прапаноўваюць шматразовыя кубачкі на продаж, што асабіста мне вельмі прыемна. Дарэчы, я б рэкамендавала кожнаму і кожнай мець свой кубачак на працы.

Вядома, не вельмі рацыянальна купляць шмат розных кубкаў на ўсе выпадкі жыцця, аднак мець альтэрнатыву аднаразоваму з сабой і ў офісе даволі прыемна.

 

Оставить комментарий: